29.01.2022 Навучэнцы 3 класа наведалі Музей ручніка

Навучэнцы 3 класа наведалі Музей ручніка, які размешчаны ў трох залах нашай школы.Адкрыты музей ў 2005 годзе. Усяго  тут налічваецца 675 экспанатаў, з іх – 223 ручнікі. Створаны экспазіцыі «Ручнік -  дорога чысціні», «Вышыўка і ткацтва», «Народны побыт».Апынуўшыся ў першай зале, дзеці ўбачылі безліч ручнікоў.  Яны розныя – на тканевай аснове, грубыя і мяккія, з адбеленага  льнянога  палатна. Дзяўчынкі адкрылі для сябе, што ільняныя вышываныя ручнікі спадарожнічалі чалавеку з нараджэння да смерці, выкарыстоўваліся ў абрадах, надзяляліся магічнай сілай,  што  ў кожнага з іх было сваё прызначэнне. Адзін з самых простых варыянтаў — ручнік-«уціральнік», якім у паўсядзённым жыцці выціралі твар і рукі. Але і ён надзяляўся вялікай сілай ачышчэння. Наведаўшы другую залу музея, навучэнцы ўбачылі, як і чым жылі нашы продкі, патрымалі ў руках прыстасаванні для ручной апрацоўкі  льну (часало, верацяно, пралка), пры дапамозе якіх ствараліся ручнікі; даведаліся, што яны з’яўляліся важнай часткай пасагу, пра які клапаціліся загадзя, калі дзяўчыне было 14 – 15 гадоў.  Ручнікоў патрэбна было шмат: 5-10, а то і некалькі дзесяткаў. У трэцяй  зале  дзеці разгледзелі  адзенне беларусаў  з ільну, вышытае  нацыянальным арнаментам, тканыя паясы, лялькі-абярэгі.Па заканчэнні экскурсіі вучні зрабілі  для сябе вынік, што музей нашай школы – гэта тое месца, дзе захоўваецца памяць пра нашых продкаў, іх мары, памкненні, жаданні, дасягненні.

I BUILT MY SITE FOR FREE USING