Вялікія і малыя, пірамідальныя і рамбічныя, круглыя і зоркападобныя... Вось такія павукі “водзяцца” ў Корнадзі. Не спяшайцеся палохацца. Гутарка ідзе не пра біялагічную разнастайнасць гэтых мясцін, а пра адраджэнне старадаўняга беларускага рамяства па стварэнні падвесных саламяных канструкцый – павукоў. Іх формы, пабудаваныя на злучэнні мноства аднолькавых модуляў, дзівяць сваёй гармоніяй. Сабраныя з лёгкіх саламяных трубачак, вырабы бязважкія і ажурныя. Падвешаныя да столі, яны нагадваюць па-майстэрску сплеценае павуцінне. Пэўна, таму і называюць іх павукамі. Кажуць, раней такія абярэгі меліся ў кожнай хаце. Верылі беларусы, што ў павуцінні заблытваюцца нячыстая сіла, няшчасці і хваробы, забярэ іх павук – і будзе ў сям’і мір ды лад. Праўда, было гэта даўно. Так даўно, што пра павукоў сёння нават старажылы тутэйшыя не памятаюць. І толькі ў апошні час дзякуючы Дар’і Баранцэвіч, кіраўніку гуртка “Калейдаскоп”, што працуе на базе Корнадзьскага ДС БШ, павукі пасля доўгіх гадоў забыцця зноў з’яўляюцца ў дамах мясцовых жыхароў. Як абярэг і элемент дэкору. Хто як успрымае...
Саломапляценне – адно з самых старажытных рамёстваў. Шмат да чаго салома была прыдатная. Асобнае месца займалі саламяныя вырабы ў абрадах беларусаў. Розныя фігуры з немудрагелістага матэрыялу – гэта не проста цацкі, гэта абярэгі. Самымі загадкавымі з іх з’яўляюцца павукі, якія вырабляліся да дня зімовага сонцастаяння. Павук з павуціннем у светапоглядзе нашых продкаў сімвалізаваў Стваральніка і яго тварэнне – Сусвет. Мабыць, стваральная энергія павука павінна была перанесціся і на ўсё тое, што займала жыццёвы век беларуса.