Займаючыся даследаваннем  гісторыі маёй роднай вёскі, я зацікавіўся і гісторыяй  Лыскаўскай царквы.  Спакон вякоў наша вёска, як і суседнія, адносілася  да Лыскаўскага прыходу. Хаця сам храм знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці, аднак у вялікі прыход ўваходзіць ўся паўднёва-ўсходняя частка Свіслацкага раёна.  Выявілася, што раней ў прыходзе існавалі не адзін, а некалькі храмаў, аднак яны не захаваліся да нашага часу.

Пытанне знікнення храмаў у Лыскаве зацікавіла мяне. Я  пачаў  збіраць з розных крыніц інфармацыю аб страчаных храмах, якая і  стала асновай для дадзенай працы. Пра царкву ў в.Ціхаволя  шмат мне паведаміла ўражэнка гэтай вёскі  - Наталля Юр’еўна Груша  - мая настаўніца матэматыкі. Важнай крыніцай для напісання работы стала чатырохтомная праца вядомага гісторыка і краязнаўцы Вітольда Карпызы “Зямля Ваўкавыская”. Каштоўныя звесткі былі атрыманы пры вывучэнні “Гродзенскага праваслаўна-царкоўнага календара”, у якім па вызначаным плане прыведзена інфармацыя аб праваслаўных прыходах  Гродзенскай губерні на канец XIX  ст..

Актуальнасць даследавання заключаецца ў тым, што гісторыя культавых пабудоў, якія пакінулі значны след у канфесійным жыцці нашага раёна ў мінулым, павінна быць вывучана як мага паўней. Навізна  работы ў тым, што спроб  сабраць і прааналізаваць звесткі  менавіта аб зніклых праваслаўных храмах Свіслаччыны раней не прадпрымалася.

Аб’ект даследавання – драўляныя помнікі культавага дойлідства былой Гродзенскай губерні XVIII – XIX ст.ст.. Прадметам даследавання выступаюць уніяцкія ( пазней – праваслаўныя ) храмы ў мястэчку Лыскава Ваўкавыскага і ў вёсцы Ціхаволя Пружанскага паветаў.

Мэта даследавання – выявіць і абагуліць  інфармацыю аб страчаных помніках драўлянага культавага дойлідства нашага краю. Дасягненню мэты будзе садзейнічаць вырашэнне наступных задач:

  • высветліць абставіны стварэння, месца і ролю ў тагачасным  канфесійным жыцці і прычыны знікнення некалькіх уніяцкіх і праваслаўных храмаў у мястэчку Лыскава;
  • устанавіць інфармацыю аналагічнага характару ў адносінах да царквы ў в. Ціхаволя;
  • правесці параўнанне па знешнім выглядзе і ўнутраным ўбранстве Лыскаўскай Пакроўскай  і Ціхавольскай Ануфрыеўскай цэркваў;

Я дапусціў, што ў XVIII – XIX ст.ст. уніяцкія храмы нашай мясцовасці ствараліся па волі землеўласнікаў – каталікоў для рэлігійных патрэб  іх прыгонных сялян, будаваліся з дрэва, былі сціплымі па знешнім і ўнутраным аздабленні, падобнымі па выглядзе.

Пад час працы былі выкарыстаны наступныя метады збору інфармацыі: вывучэнне літаратуры па тэме, пошук звестак ў інтэрнэце, работа з архіўнымі крыніцамі, гутаркі са старэйшымі сваякамі і доўгажыхарамі. Таксама, выкарыстоўваліся такія метады эмпірычнага даследавання, як апісанне і параўнанне.

Апісанне атрыманых вынікаў і складае аснову зместу маёй работы.

Удалося ўстанавіць, што першая ўніяцкая царква ў Лыскаве была пабудавана  не пазней 1624 г. на мясцовых старых могілках, называлася “Мікалаеўская” і была разабрана да 1840 г.. Наступная, Пакроўская царква была пабудавана адначасова з базыліянскім манастыром у 1682 г. па загадзе пані Кунцэвічавай, ад якой мела шматлікія прывілеі, і разабрана з-за старасці ў 1897 г.. Затым пэўны час мясцовая царква размяшчалася ў будынку былога касцёла ( 1866 – 1921 г.г.) і ў каплічцы на могілках ( 1921 – 1933 г.г.).

Адносна царквы ў в. Ціхаволя атрымалася ўстанавіць, што першапачаткова  яна знаходзілася ў суседняй вёсцы Немяржа, дзе была пабудавана невядома калі і невядома кім, а ў 1809 г. па загадзе мясцовага пана Далітоўскага  была перанесена з Немяржы ў Ціхаволю. Храм праіснаваў да ліпеня 1944 г.. У часы Вялікай Айчыннай вайны нямецка - фашысцкія захопнікі перад сваім адыходам спалілі вёску і царкву.

Параўнанне Лыскаўскай Пакроўскай і Ціхавольскай Ануфрыеўскай цэркваў па шэрагу паказчыкаў паказала, што храм у Лыскава  прастаяў два стагоддзі і быў разабраны, як аварыйны.  Храм у Ціхаволі пабудаваны пасля  1801 года,  мог прастаяць яшчэ доўга, але быў спалены ў гады вайны фашыстамі.У Лыскаве царква была заснавана і падтрымлівалася буйной землеўласніцай Крыстынай Кунцэвіч, а затым яе нашчадкамі – панамі Быхаўцамі, якія прадставілі ёй шматлікія правы і прывілеі: фальварак, карчму, млын, прыгонных сялян. У Ціхаволі царква была пабудавана па загадзе мясцовага пана Далітоўскага, аднак, звестак пра тое, што ён надаў царкве нейкія падараванні, няма. Гэта і не дзіўна:  Быхаўцы былі добра вядомымі ў ВКЛ буйнымі землеўласнікамі, валодалі мноствам маёнткаў і прыгонных сялян, у параўнанні з імі Далітоўскі быў дробным шляхцічам. Як вынік, матэрыяльнае забеспячэнне Лыскаўскага храма было значна лепшым, чым Ціхавольскага.

Абедзве царквы былі пабудаваны з дрэва, першая – з бярвення, другая -  з бруса, Лыскаўская была абітая звонку дошкамі, а Ціхавольская – не. Храмы мелі па сваёй форме прадаўгаваты крыж, крыты гонтай дах. Вянчаў будынкі адзін просты глухі купал з чатырохканцовым жалезным крыжам. Вокны ў храмах  былі ў адзін ярус, не фарбаваныя. Іканастас таксама быў просты, аднаярусны, пафарбаваны. Названыя храмы былі бедныя на знешняе і ўнутранае убранне, падобныя па выглядзе звонку і ў сярэдзіне.

Такім чынам, праведзеныя мною даследаванні дазваляюць зрабіць наступныя вывады:

  • уніяцкія храмы нашай мясцовасці ствараліся па волі землеўласнікаў – католікаў для рэлігійных патрэб  іх прыгонных сялян;
  • у матэрыяльным плане названыя храмы поўнасцю залежалі ад паноў – фундатараў, паколькі прыхаджане – сяляне з-за сваёй беднасці ніякай дапамогі па будаўніцтве, рамонце ці забяспячэнні аказаць не маглі;
  • цэрквы з’яўляліся асяродкамі духоўнасці,культуры і адукацыі для мясцовага насельніцтва;
  • паколькі дадзеныя храмы былі пабудаваны з дрэва, то яны аказаліся не  такімі даўгавечнымі, як каменныя і зніклі па прычыне таго, што былі разабраныя з-за старасці ці згарэлі ў часы вайны.
  • Практычнае значэнне дадзенай работы ў тым, што сабраныя матэрыялы можна выкарыстоўваць на ўроках гісторыі, геаграфіі, пазакласных краязнаўчых і выхаваўчых мерапрыемствах і ў школьных музеях.

Па – за межамі работы засталіся звесткі аб зніклых храмах  ў такіх вёсках  як Лапеніца, Студзенікі, Палонка, Ятвеск. У будучым я планую працягнуць распрацоўку дадзенай тэмы.

I BUILT MY SITE FOR FREE USING