Тэзісы вучэбна-даследчай работы
ЛЕКСІКА-СЕМАНТЫЧНЫЯ І СЛОВАЎТВАРАЛЬНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ НАЗВАЎ ХУТАРОЎ НА ТЭРЫТОРЫЯХ НАВАДВОРСКАГА І ХАНЯВІЦКАГА СЕЛЬСКІХ САВЕТАЎ
Актуальнасць і навізна даследавання
Выбар тэмы даследавання зусім не выпадковы. У мінулым навучальным годзе, працуючы над тэмай “Паходжанне айконіма Корнадзь: лінгвакраязнаўчы аспект даследавання” (работа адзначана дыпломам 2 ступені на рэспубліканскім этапе конкурса работ даследчага характару), было заўважана, што наш край мае яшчэ вялікія пласты недаследаванай тапаніміі. Гэта назвы зніклых хутароў, сядзібаў, засценкаў, фальваркаў, урочышчаў, а таксама нямала і такіх паселішчаў, у якіх засталося некалькі двароў.
Сёння ў гэта цяжка верыцца, аднак Беларусь была краінай хутароў. Па афіцыйных звестках, іх было вынішчана больш за 103 тысячы... . Гэта была вялікая трагедыя для беларускіх людзей. Зараз толькі адзінокая яблыня пасярод поля за вёскай ці ў лесе можа падказаць дасведчаным людзям, што калісьці тут быў хутар, фальварак, а можа нават і сядзіба.
Нягледзячы на тое, што да вывучэння тапонімаў на лексіка-семантычным і словаўтваральным узроўнях звярталіся многія беларускія лінгвісты
(Я.М. Адамовіч, М.В. Бірыла, Э.К. Бірыла, П.С. Будзько, Л.М. Грыгор’ева, В.А. Жучкевіч, В.П. Лемцюгова, Г.М. Мезенка, А.М. Прышчэпчык, Я.Н. Рапановіч і інш.), назвы хутароў Свіслацкага раёна да гэтага часу застаюцца не вывучанымі.
Мэта: правесці аналіз на лексіка-семантычным і словаўтваральным узроўнях назваў хутароў на тэрыторыях Навадворскага і Ханявіцкага сельскіх Саветаў.
Задачы:
- пазнаёміцца з гісторыяй з’яўлення хутароў і высветліць прычыны і перыяд заняпаду сельскіх паселішчаў на тэрыторыях даследаванага рэгіёна;
- зрабіць лексіка-семантычную характарыстыку назваў хутароў;
- ажыццявіць словаўтваральную класіфікацыю назваў, устанавіць спосабы і сродкі ўтварэння айконімаў;
- стварыць электронны прадукт (блог) “Карані маёй малой радзімы” і слоўнік “Страчаныя назвы маёй малой радзімы”.
Аб’ект даследавання - назвы хутароў на тэрыторыях Навадворскага і Ханявіцкага сельскіх Саветаў Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.
Прадмет даследавання – паходжанне і ўтварэнне назваў паселішчаў.
Гіпотэза: магчыма, на тэрыторыях Навадворскага і Ханявіцкага сельскіх Саветаў, дзе галоўныя кампаненты прыроды прадстаўлены ўзгоркамі, лагчынамі, балотамі, рэкамі, азёрамі, лугамі і лясамі, пераважная большасць назваў так або інакш будзе звязана з асаблівасцямі менавіта гэтых элементаў ландшафту. Найменні паселішчаў, акрамя прыродных характарыстык, будуць заключаць у сабе імёны і прозвішчы першапасяленцаў, характарыстыкі пабудоў, віды заняткаў насельніцтва, этнічны і сацыяльны статус жыхароў.
У працы намі выкарыстаны апісальны, параўнальна-гістарычны і статыстычны метады. Акрамя таго, у неабходных выпадках падаюцца этымалагічныя даведкі.
Навуковая навізна і значнасць атрыманых вынікаў заключаецца ў тым, што ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве на багатым фактычным матэрыяле, выяўленым са слоўнікаў, на лексіка-семантычным і словаўтваральным узроўнях зроблена спроба сістэматызацыі і манаграфічнага апісання назваў хутароў на тэрыторыях Навадворскага і Ханявіцкага сельскіх Саветаў.
Усяго было занатавана 82 назвы хутароў на даследаванай тэрыторыі.
Назвы хутароў Навадворскага і Ханявіцкага сельскіх Саветаў утвараюць ужо сваю вялікую, вартую спецыяльных даследаванняў, групу.
Усе найменні розняцца па паходжанні, сэнсавым значэнні, спосабах утварэння, слоўных канструкцыях. Мы паспрабавалі вызначыць і акрэсліць некаторыя характэрныя рысы назваў паселішчаў і зрабілі наступныя высновы. У аснову былі ўзяты прынцыпы класіфікацыі тапанімічнага матэрыялу паводле В.П.Лемцюговай.
Калі разглядаць іх па граматычных паказчыках, то бачна, што большай колькасці найменняў (64) – 78% уласціва форма адзіночнага ліку. Сустракаюцца гэтыя назвы ў форме жаночага, мужчынскага і ніякага родаў, што адпаведна складае 25 (39%), 22 (34,3%), 17 (26,6%). 18 назваў (22%) маюць форму множнага ліку .
У прааналізаваным матэрыяле дамінуе макрагрупа айконімаў, што паходзяць ад уласных асабовых назваў (прозвішчаў, мянушак) апелятыўнага паходжання cамых разнастайных лексіка-тэматычных асноў (Людвінава, Міхалаўшчына, Цымлёва, Юзэфава, хутар Кучынскага, Янаўшчына і інш.).
Самымі прадуктыўнымі ў якасці ўтваральных асноў з’яўляліся прозвішчы першапасяленцаў (28 найменняў – 66,6% ад агульнай колькасці гэтай групы). На другім месцы – уласныя імёны (11 найменняў – 26,2%), а на трэцім – мянушкі (3 - 7,1%) .
Шляхам грунтоўнага аналізу і вывучэння было вызначана, што ў даследаваным рэгіёне самую вялікую групу складаюць айконімы, якія абазначаюць асаблівасці і элементы рэльефу, прыродныя комплексы, арэалы таго ці іншага расліннага свету (60%). Лексіка-семантычныя падгрупы гэтага тыпу тапаніміі даволі разнастайныя, разглядаюцца яны ў працы паводле ступені прадуктыўнасці.
Самымі прадуктыўнымі ў якасці ўтваральных асноў з’яўляліся найменні дрэў, травяністых раслін і кустоўя (30% ) .
Ва ўтварэнні айконімаў задзейнічаны назвы лугавых, лясных і палявых травяных раслін : багун, маркоўнік, хмель, каноплі (х.Багун, х. Маркоўнік, х.Канапліско, х.Хмелішча).
Да другой групы адносяцца айконімы, утваральныя асновы якіх адлюстроўваюць матэрыяльную і духоўную культуры рэгіёна. Пашыраны ў гэтай групе найменні, якія ўказваюць на род заняткаў насельніцтва.
Да трэцяй групы адносяцца найменні, асновы якіх утрымліваюць квалітатыўныя адзнакі населеных пунктаў (15%).
Цікавыя вынікі дае вывучэнне тапанімічных фармантаў — словаўтваральных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца пры ўтварэнні слова (прыставак, суфіксаў, канчаткаў).
У працы за аснову прынята класіфікацыя В.П.Лемцюговай. Яна выдзяляе першасныя і другасныя тапанімічныя найменні.
Устаноўлена, што група першасных айконімаў, утвораных семантычным спосабам, колькасна даволі нязначная. Усяго было зафіксавана 13 назваў, што складае 15,8 % ад агульнай колькасці. Найбольшая колькасць назваў утворана семантычным спосабам на аснове апелятываў (Ашчэп, Лозы, Багун). Далей ідуць назвы хутароў, якія ўтвораны семантычным спосабам на аснове антрапонімаў (Шандар, Субатка) і найменні, якія ўтвораны семантычным спосабам на аснове гідронімаў (Корнадзь, Парахаўня ). Яны адпаведна складаюць каля 69,2%, 15,4%, 15,4% ад агульнай колькасці гэтай групы айконімаў.
Як паказаў аналіз фактычнага матэрыялу, найбольш прадуктыўнай з’яўляецца словаўтваральная мадэль са славянскімі фармантамі -ова, -ава, -ева, -ёва, якія характарызуюць прыналежнасць і адказваюць на пытанне «чыё?»: Людвінава, Юзэфава, Цымлёва і іншыя (14%).
На даследаванай тэрыторыі зафіксавана 6 зніклых назваў населеных пунктаў з фармантам -шчызна (Міронаўшчызна, Сыраёўшчызна ), які далучаецца да асновы прозвішча, мянушкі, імя былога ўладальніка і першапачаткова абазначае спадчыннасць уладання. Такія назвы складаюць каля 10,5% ад агульнай колькасці найменняў гэтай групы.
На тэрыторыях Навадворскага і Ханявіцкага сельскіх Саветаў высокую частотнасць мелі назвы паселішчаў на -ічы, -ычы (10,5%) тыпу Прыблудзічы, Бойкавічы і г. д.
Католікамі былі многія з уладальнікаў маёнткаў і зямель, на што ўказваюць назвы хутароў з фіналямі -паль ці –поль (7%).
На тэрыторыях Навадворскага і Ханявіцкага сельскіх Саветаў занатавана 12 састаўных назваў, што складае 14,6 % ад агульнай колькасці. Сярод гэтых айконімаў колькасна найбольш пашыраны найменні ў форме атрыбутыўных словазлучэнняў.
У беларускім сектары Інтэрнэту, на жаль, спецыялізаваных анамастычных сайтаў пакуль што нямнога. Матэрыялу для іх стварэння існуе дастаткова, і карысць ад падобных рэсурсаў відавочная. Яны здольныя не толькі забяспечваць вучоных патрэбным матэрыялам, але і палегчыць камунікацыю і абмен інфармацыяй паміж даследчыкамі.
Таму вырашылі мы стварыць электронны рэсурс (блог) “Карані маёй малой радзімы ”, дзе кожны зацікаўлены не толькі зможа пакарыстацца нашай інфармацыяй, але і дапоўніць яе сваімі каментарыямі. Блог разлічаны як на навукоўцаў-анамастаў, так і на простых карыстальнікаў. Ён можа дапамагчы даследчыку ў збіранні матэрыялу, яго сістэматызацыі і прадстаўленні вынікаў, здольны надаць новы кірунак навуковай працы.
Пры гэтым, што ўдалося зрабіць?
Працуючы з гістарычнымі крыніцамі, было вызначана, хутар, як тып сельскіх пасяленняў, вядомы на тэрыторыях даследаванага рэгіёна з п. ХХ ст., што было звязана з развіццём капіталістычных адносін на вёсцы.
Былі вызначаны прычыны і перыяд заняпаду сельскіх паселішчаў на дадзенай тэрыторыі. Асноўныя з іх: далучэнне малых населеных пунктаў да большых, аб’яднанне і ссяленне хутароў. Найбольшая ж колькасць паселішчаў знікла ў выніку ссялення і перасялення ў больш перспектыўныя.
Зроблена характарыстыка айконімаў па паходжанні, сэнсавым значэнні, спосабах утварэння, слоўных канструкцыях. Вызначана, што ва ўтварэнні найменняў задзейнічаны два пласты лексікі: апелятывы і анамастычныя класы. Семантыка большасці назваў зразумелая, лёгка этымалагізуецца.
Галоўная роля пры ўтварэнні найменняў належыць суфіксацыі.
Паводле колькаснага складу найбольш пашыраны айконімы, утвораныя пры дапамозе славянскіх і польскіх канцавых фіналяў і фармантаў –ова/-ава;-шчызна, -шчына; -поль/- паль; -іско. Часта сустракаецца семантычнае ўтварэнне ад апелятыва.
Гіпотэза, пастаўленая ў пачатку даследавання пацвердзілася не поўнасцю. Найбольшую колькасць складаюць назвы, якія заключаць у сабе імёны і прозвішчы першапасяленцаў. І толькі на другім месцы знаходзяцца найменні, якія адлюстроўваюць прыродныя ўмовы мясцовасці.
Быццам бы зроблена многа, але, калі агледзецца навокал, бачна, што наш край мае яшчэ вялікія пласты недаследаванай тапаніміі. Што маецца на ўвазе? Цікавай, але і вельмі складанай, падаецца задача фіксацыі і аднаўлення назваў невялікіх азёр, ставоў, ручаёў. У тапанімічнай літаратуры на іх звычайна не звяртаюць увагі, а на картах яны не падпісаны. І калі даводзіцца ўзгадаць у публікацыі такую рачулку ці крынічку, то пішуць проста — Безыменная.
Таму прадстаўленая работа – гэта толькі аснова для працягу больш шырокіх і глыбокіх даследванняў у гэтым накірунку.
Праца можа быць цікавая не толькі вучням і педагогам, работнікам устаноў культуры, але і ўсім тым, хто цікавіцца духоўнай спадчынай нашага краю, а таксама бацькам у якасці матэрыялу, на якім можна выхоўваць дзяцей. Не менш важна, што ёсць магчымасць зацікавіць гэтым вялікім духоўным скарбам людзей розных пакаленняў праз СМІ, а таксама ўстановы культуры і адукацыі.