ТЭЗІСЫ ВУЧЭБНА-ДАСЛЕДЧАЙ РАБОТЫ "Асаблівасці мясцовых айконімаў на тэрыторыях Навадворскага і Дабравольскага сельскіх Cаветаў"


Тэзісы навукова-даследчай работы

“Асаблівасці мясцовых айконімаў на тэрыторыях Навадворскага і Дабравольскага сельскіх Cаветаў”

 

Тэма навукова-даследчай працы, абраная намі, узнікла ў працяг даследавання, праведзенага ў 2016/2017 навучальным годзе ўдзельнікамі міжшкольнага сумеснага турыстычнага велапаходу па маршруце Дабраволя – Жаркаўшчына – Ашчэп – Войтаў Мост – Новы Двор – Корнадзь, які пралягаў па тэрыторыі даследаванага рэгіёна і абудзіў вялікую цікавасць да тапааб’ектаў, што знікаюць з сучаснай карты Свіслацкага раёна.  У ходзе працы над тэмамі “Паходжанне айконіма Корнадзь: лінгвакраязнаўчы аспект даследавання” і “Тапанімічнае мікраполе вёскі Дабраволя” было высветлена, што наш край мае яшчэ вялікія пласты недаследаванай тапаніміі. Гэта назвы зніклых хутароў, сядзібаў, засценкаў, фальваркаў, урочышчаў, а таксама нямала і такіх паселішчаў, у якіх засталося некалькі двароў.

Даўней Беларусь была краінай хутароў: па афіцыйных звестках, іх было вынішчана больш за 103 тысячы... [4, с.87]. Гэта была вялікая трагедыя для беларускіх людзей.

Нягледзячы на тое, што да вывучэння тапонімаў на лексіка-семантычным і словаўтваральным узроўнях звярталіся многія беларускія лінгвісты (Я.М. Адамовіч, М.В. Бірыла, Э.К. Бірыла, П.С. Будзько, Л.М. Грыгор’ева, В.А. Жучкевіч, В.П. Лемцюгова, Г.М. Мезенка, А.М. Прышчэпчык, Я.Н. Рапановіч і інш.), назвы хутароў Свіслацкага раёна да гэтага часу застаюцца не вывучанымі.

Мэта: правесці параўнальны аналіз на лексіка-семантычным, словаўтваральным і фанетычным узроўнях назваў хутароў на тэрыторыях Навадворскага і Дабравольскага сельскіх Саветаў.

Задачы: 

-        пазнаёміцца з гісторыяй з’яўлення хутароў і высветліць прычыны і перыяд заняпаду сельскіх паселішчаў на тэрыторыях даследаванага рэгіёна;

-        зрабіць параўнальную лексіка-семантычную характарыстыку назваў хутароў;

-        вызначыць словаўтваральныя асаблівасці назваў хутароў з мэтай іх класіфікацыі;

-        акрэсліць фанетычныя асаблівасці мясцовых айконімаў;

-        стварыць электронную ментальную карту “Карані малой радзімы” і слоўнік “Страчаныя назвы малой радзімы”.

Аб’ект даследавання – мясцовыя айконімы на тэрыторыях Навадворскага і Дабравольскага сельскіх Саветаў Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.

Прадмет даследавання – паходжанне і ўтварэнне назваў паселішчаў.

Гіпотэза: магчыма, у назвах хутароў Навадворскага і Дабравольскага сельскіх Саветаў, якія размешчаны ў паўночнай частцы ДПУ “НП Белавежская пушча”, адрозненняў на  лексіка-семантычным, словаўтваральным і фанетычным узроўнях не будзе.

Было вызначана, што большасць хутароў у даследаваным рэгіёне перасталі існаваць у 1950 – 70-я гг. у сувязі з перасяленнем на тэрыторыі калгасаў і саўгасаў. Асноўная прычына распаду - бесперспектыўнасць далейшага іх існавання: адсутнасць дарог, электрычнасці, газу, школы, магазінаў і г.д.

Усяго было занатавана 124 назвы хутароў на даследаванай тэрыторыі.

Паводле дадзеных кнігі “Памяць” [10, с.249] на 2003 год, у Дабравольскім сельскім Савеце наогул адсутнічаюць назвы хутароў, а ў Навадворскім сельскім Савеце ўключана 10 хутароў (8,06 %): Ашчэп, Войтаў Мост, Залесная, Малы Масушын, Лозы,  Вялікі Масушын, Субатка, Хараўшчына, Цяраспаль, Янаўшчына. Не згадваюцца ў кнізе “Памяць” раней зніклыя хутары (ДАДАТАК 2). На падставе гутарак з мясцовым насельніцтвам старэйшага ўзросту намі было высветлена паходжанне 114 назваў (91,94%): на тэрыторыі Навадворскага сельскага Савета – 44 (38,6%), а на тэрыторыі Дабравольскага сельскага Савета 70 (61,4%).  

На жаль, за 13 гадоў па розных прычынах зніклі з навадворскай сельсавецкай карты яшчэ 8 хутароў. Засталіся толькі два (1,61%): Войтаў Мост, Корнадзь.

Было вызначана, што  ва ўтварэнні найменняў задзейнічаны два пласты лексікі: апелятывы і антрапанімічныя класы. Семантыка большасці айконімаў зразумелая, лёгка этымалагізуецца.

Антрапанімічны матэрыял з’яўляўся самай прадуктыўнай крыніцай утварэння айконімаў на тэрыторыі Дабравольскага сельскага Савета (68,57%). Гэта тлумачыцца старой сістэмай сельскай гаспадаркі і такой яе характэрнай прыкметай, як раздробленае землеўладанне. У адантрапанімічных айконімах увекавечаны прозвішчы, імёны, мянушкі ўладальнікаў зямель і іх састаўных частак, двароў, дворышч, імёны галавы родаў або сем’яў.

На тэрыторыі Навадворскага сельскага Савета самымі прадуктыўнымі ў якасці ўтваральных асноў з’яўляліся назвы адапелятыўнага паходжання (59,3%), дзе засведчаны тры асноўныя тыпы матывацыі: 1) айконімы, што характарызуюць асаблівасці навакольнага ландшафту і тапаграфіі (60% ад агульнай колькасці найменняў гэтай групы); 2) назвы, утваральныя асновы якіх адлюстроўваюць матэрыяльную і духоўную культуры насельніцтва (25%); 3)найменні, якія ўтрымліваюць квалітатыўныя адзнакі населеных пунктаў (15%).

Галоўная роля пры ўтварэнні айконімаў на тэрыторыях абодвух сельскіх Саветаў належыць суфіксацыі. Паводле колькаснага складу найбольш пашыраны найменні, якія маюць у структуры славянскія словаўтваральныя афіксы ці фанетычныя асаблівасці. Найбольш распаўсюджаны фарманты  -ова, -ава, -ева, -ёва; -шчына.

Аднак трэба адзначыць, што на тэрыторыі Навадворскага сельскага Савета адзначана  шмат канцавых фіналяў польскага паходжання: -паль/  –поль; іцы; -іска/-іско. Падобная акалічнасць тлумачыцца геаграфічным становішчам рэгіёна, размешчанага каля дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з ПольшчайВялікая ўдзельная вага польскіх элементаў у сістэме мікратапанімічных назваў дадзенай тэрыторыі абумоўлена і пэўнымі прычынамі гістарычнага характару. Агульнавядома, што ў сувязі з палітычным падпарадкаваннем Вялікага Княства Літоўскага Рэчы Паспалітай на беларускіх землях узмацнілася панска-каталіцкая экспансія і паланізацыя насельніцтва.

У прааналізаваным матэрыяле на тэрыторыях Дабравольскага і Навадворскага сельскіх Саветаў  назіраецца з’ява свабоднага націску. Ён можа падаць на розныя склады ў слове, быць рознамясцовым (свабодным) і рухомым: Казако́ва, Канаплі́ско, Зале́сная, Багу́н .

Паводле колькаснага складу большую частку ўтвараюць найменні, гукавая спецыфіка якіх адпавядае нормам беларускай літаратурнай мовы.

 Аднак трэба адзначыць, што на тэрыторыі Дабравольскага сельскага Савета вельмі пашырана ў мясцовых айконімах няпоўнае недысімілятыўнае аканне: Пракопаво, Сакалово, Свяйково, Семяново, Смольніцкаво, Чабаново.

Зарэгістраваная з’ява характэрная беларускім гаворкам паўднёва-заходняй лініі Радунь – Ліда – р. Нёман – Капыль – Слуцк – Глуск – р. Пціч. З’ява паслядоўнага няпоўнага недысімілятыўнага акання была зарэгістравана таксама ў паўночна-мастоўскіх гаворках Беларусі [4, с.78], якія адносяцца да беларуска-польскіх памежных гаворак.

Гіпотэза, пастаўленая ў пачатку даследавання, пацвердзілася не поўнасцю.

Прадстаўленая работа – гэта толькі аснова для працягу больш шырокіх і глыбокіх даследаванняў у гэтым накірунку.

Наш край мае яшчэ вялікія пласты недаследаванай тапаніміі. Цікавай, але і вельмі складанай, падаецца задача фіксацыі і аднаўлення назваў жылых і гаспадарчых пабудоў, прыладаў працы жыхароў даследаванай тэрыторыі.

I BUILT MY SITE FOR FREE USING