Каб па–сапраўднаму любіць сваю Радзіму, яе трэба ведаць. Ведаць гісторыю гэтай зямлі, імёны славутых людзей, культуру, прыроду. Многае аб сваёй краіне вучні даведваюцца на ўроках гісторыі, геаграфіі, літаратуры, са сродкаў масавай інфармацыі. Але вялікую цікавасць выклікаюць і прыносяць карысць непасрэдна экскурсіі ў музеі.
Навучэнцы ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс Корнадзьскі дзіцячы сад – базавая школа” Свіслацкага раёна прынялі ўдзел у цікавай і змястоўнай экскурсіі ў музеі Ручніка па тэмах “Музейныя экспанаты” (жыццё і быт людзей вачыма фізікаў, хімікаў, гісторыкаў, лінгвістаў, біёлагаў і г.д.). Практычна гэта выглядала так: клас падзяліўся на некалькі навуковых лабараторый. Кожная група атрымала заданне – прааналізаваць музейныя экспанаты з пункту погляду навукі. Напрыклад, фізікі павінны былі паказаць усе фізічныя законы, якія выкарыстоўвалі людзі у час выканання прадметаў быту, і растлумачыць згодна якім з іх працуе той або іншы музейны экспанат. Навучэнцы – “хімікі” мелі магчымасць успомніць усе хімічныя законы, звязаныя з афарбоўкай ільну, шэрсці і хімічным складам гэтых валокан. “Лінгвісты” наглядна ўбачылі культурна-гістарычныя асновы развіцця мовазнаўства. Была магчымасць звярнуць увагу, як у мове ўзнікалі, напрыклад, найменні відаў адзення, і як пасля за гэтым з’яўляліся словы, якімі яны абазначаліся.
Выкарыстанне такой экскурсіі мае вялікае значэнне, так як спрыяе актывізацыі ўспрымання, бо інфармацыя ў музеі канкрэтная і наглядная.