Тэзісы вучэбна-даследчай работы

Паходжанне зніклых і знікаючых айконімаў на тэрыторыі Навадворскага сельскага Савета:

лінгвакраязнаўчы аспект даследавання                          

Актуальнасць і навізна даследавання

Знікаюць у небыццё на Беларусі вялікія і малыя вёскі, а разам з імі іх незвычайныя назвы, за якімі хаваецца гісторыя нашага краю, нашай радзімы. Сучаснае грамадства паступова губляе сувязь з гістарычным мінулым сваёй краіны. Узнікае пытанне: а чым мы, моладзь, можам дапамагчы сваёй малой радзіме? Калі мы  не можам  ўратаваць знікаючую вёску, то можам захаваць хаця б памяць аб ёй для будучых пакаленняў. Калі не зрабіць гэтага зараз, то ўзнавіць у будучым будзе проста немагчыма.

Выбар тэмы даследавання зусім не выпадковы. У мінулым навучальным годзе, працуючы над тэмай “Паходжанне айконіма Корнадзь”, было заўважана,  што наш край мае яшчэ вялікія пласты недаследаванай тапаніміі. Што маецца на ўвазе? Па-першае, гэта назвы зніклых  вёсак, хутароў, леснічовак, засценкаў, фальваркаў, урочышчаў. Па-другое, нямала і такіх паселішчаў, у якіх засталося некалькі двароў. Але што іх чакае ў будучым?

Нягледзячы на тое, што да вывучэння тапонімаў на лексіка-семантычным і словаўтваральным узроўнях звярталіся многія беларускія лінгвісты

(Я.М. Адамовіч, М.В. Бірыла, Э.К. Бірыла, П.С. Будзько, Л.М. Грыгор’ева, В.А. Жучкевіч, В.П. Лемцюгова, Г.М. Мезенка, А.М. Прышчэпчык,

Я.Н. Рапановіч  і інш.), айконімы Навадворскага сельскага Савета, асабліва назвы зніклых і знікаючых паселішчаў, да гэтага часу застаюцца не вывучанымі. У кнізе “Памяць”[9, с.198] маюцца кароткія звесткі толькі пра некаторыя з іх з указаннем на геаграфічнае размяшчэнне , колькасць жыхароў на 2003 год. У “Слоўніку назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці” Я.Н. Рапановіча [10] ўзгадваюцца не ўсе назвы паселішчаў, асабліва не ўпамінаюцца тыя, якія зніклі ўжо па нейкіх прычынах з тапаграфічнай карты раёна.

Зразумела, каб навукова растлумачыць “імя” таго ці іншага паселішча, не дастаткова вывучэння паданняў і легендаў, трэба падыходзіць усебакова: ведаць гісторыю, этнаграфію, лінгвістыку і г.д.

Мэта:    раскрыць  асаблівасці паходжання назваў зніклых і знікаючых  паселішчаў на тэрыторыі Навадворскага сельскага Савета.

Задачы: 

- пазнаёміцца з гісторыяй  з’яўлення сельскіх паселішчаў на тэрыторыі Навадворскага сельскага Савета і іх відамі;

- паспрабаваць высветліць прычыны і перыяд  заняпаду сельскіх паселішчаў на дадзенай тэрыторыі;

-зрабіць лексіка-семантычную  характарыстыку  дадзеных назваў, вызначыць крыніцу паходжання ўтваральных асноў;

- ажыццявіць словаўтваральную класіфікацыю назваў, устанавіць спосабы і сродкі ўтварэння айконімаў.

- прапанаваць свой варыянт (праект) адраджэння назваў паселішчаў.

Аб’ект даследавання -  назвы зніклых і знікаючых паселішчаў на тэрыторыі Навадворскага сельскага Савета Свіслацкага раёна  Гродзенскай вобласці.

Прадмет даследавання – паходжанне назваў паселішчаў.

Гіпотэза: магчыма, на тэрыторыі Навадворскага сельскага Савета, дзе галоўныя кампаненты прыроды прадстаўлены ўзгоркамі, лагчынамі, балотамі, рэкамі, азёрамі, лугамі і лясамі, пераважная большасць назваў так або інакш будзе звязана з асаблівасцямі менавіта гэтых элементаў ландшафту. Найменні паселішчаў, акрамя прыродных характарыстык, будуць заключаць у сабе імёны і прозвішчы першапасяленцаў, характарыстыкі пабудоў, віды заняткаў насельніцтва, этнічны і сацыяльны статус жыхароў.

Рэалізацыя задач дасягаецца з дапамогай наступных метадаў:

-тэарэтычнага (вывучэнне і аналіз  літаратуры, фотаздымкаў, легенд);

-эмпірычнага (апытанне старажылаў вёсак, назіранне, абагульненне матэрыялу);

-статыстычнага (параўнальна-супастаўляльны аналіз атрыманай інфармацыі, апрацоўка вынікаў даследавання).

Асноўнымі крыніцамі даследавання выступаюць даведнікі назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці: [8], [10], [11]. Крыніцай таксама з’яўляліся тапанімічныя  карты Свіслацкага  раёна Гродзенскай вобласці Рэспублікі Беларусь. Для ажыццяўлення мэты мы выкарыстоўвалі вусныя крыніцы,  спецыяльную літаратуру, матэрыялы са сродкаў масавай інфармацыі.

У працэсе апытання жыхароў, работы са спецыяльнай літаратурай, з тапанімічнымі картамі раёна ўсяго занатавана 36 назваў  зніклых і знікаючых населеных пунктаў.

Працуючы з гістарычнымі крыніцамі, было вызначана, што на дадзенай тэрыторыі    ў старажытнасці жылі балцкія і славянскія плямёны.

Пераважная большасць нашых вёсак паўстала ў другой палове XVI ст. Хутар, як тып сельскіх пасяленняў, вядомы на тэрыторыі Навадворскага сельскага Савета  з к.ХІХ ст., што было звязана з развіццѐм капітылістычных адносін на вёсцы.

Былі вызначаны прычыны і перыяд  заняпаду сельскіх паселішчаў на дадзенай тэрыторыі. Асноўныя з іхдалучэнне малых населеных пунктаў да большых, аб’яднанне вёсак, ссяленне хутароў. Найбольшая ж колькасць паселішчаў знікла ў выніку ссялення і перасялення ў больш перспектыўныя.

Зроблена характарыстыка айконімаў па паходжанні, сэнсавым значэнні, спосабах утварэння, слоўных канструкцыях і зроблены наступныя высновы:

Па сваёй структуры ў складзе ўласных геаграфічных назваў вылучаюцца простыя (Ашчэп, Лозы, Баяры і інш.), складаныя (Навасёлкі)  і састаўныя найменні (Бярозавыя Кладкі, Войтаў Мост, Галава Балота)  .

Калі разглядаць іх па алфавітных групах, то бачна, што найбольш найменняў  пачынаецца на літару «П». За ёй ідуць літары «Б»  ,  «Я» , і «М» .  Каля 95 % паселішчаў Навадворскага сельсавета  маюць назвы славянскія, дзве  назвы  паходзіць з балцкіх моў (Устронь, Яцвеск) .

Вызначана, што найбольшую колькасць складаюць  назвы, якія адлюстроўваюць прыродныя ўмовы мясцовасці і найменні,  якія заключаць у сабе імёны і прозвішчы першапасяленцаў Залесная, Лозы,Канапліско, Маркоўнік, Хмелішча, Яліны,  Ялова, Галава Балота, Людвінава, Міхалаўшчына, Цымлёва, Юзэфава, хутар Кучынскага, Янаўшчына і інш.).

Складанымі для разумення з’яўляюцца назвы Устронь, Субатка, Журна. Толькі шляхам грунтоўнага аналізу і вывучэння можна дазнацца пра іх сэнс. Напрыклад, хутар  Субатка. У працэсе глыбокага аналізу было вызначана, што спачатку так называлася   мясцовасць, палетак ворнай зямлі, дзе сяляне па суботах адпрацоўвалі паншчыну. Трохі пазней тут пачалі будавацца, назва засталася.

Цікавыя вынікі дало вывучэнне тапанімічных фармантаў.

На тэрыторыі Навадворскага сельскага Савета  высокую частотнасць мелі  назвы паселішчаў на -ічы, -ычы тыпу Прыблудзічы, Бойкавічы, Працуцічы і г. д. Тапонімы на -ічы прынята лічыць патранімічнымі.

5 зніклых назваў населеных пунктаў Навадворскага сельскага Савета маюць фарманты -ова, -ава, -ева, -ёва, якія характарызуюць прыналежнасць і адказваюць на пытанне «чыё?»: Людвінава, Ялава, Юзэфава, Цымлёва і іншыя.

Часта сустракаецца семантычнае ўтварэнне ад апелятываў. Напрыклад, лозы - ад апелятыва лозы ‘зараснік лазы’

Сярод усіх  найменняў вылучаюцца айконімы ў форме назоўніка і айконімы ў форме прыметніка. Найбольш пашыраны айконімы-назоўнікі, яны складаюць каля 93% ад агульнай колькасці найменняў .

Атрыманы матэрыял і зробленая работа сталі добрай асновай для стварэння слоўніка зніклых і знікаючых айконімаў Навадворскага сельскага Савета.

У працы прапаноўваецца варыянт (праект) адраджэння назваў зніклых і знікаючых паселішчаў.

Праца над тэмай пераканала, наколькі гэта вялікая і глыбокая праблема:  раскрываць асаблівасці паходжання назваў зніклых і знікаючых паселішчаў  на тэрыторыі  Навадворскага сельскага Савета.

Пры гэтым, што    ўдалося зрабіць? 

Працуючы з гістарычнымі крыніцамі, было вызначана, што на дадзенай тэрыторыі   ў старажытнасці  жылі балцкія  і славянскія плямёны.

Былі вызначаны прычыны і перыяд  заняпаду сельскіх паселішчаў на дадзенай тэрыторыі.

Зроблена характарыстыка айконімаў па паходжанні, сэнсавым значэнні, спосабах утварэння, слоўных канструкцыях.

Гіпотэза, пастаўленая ў пачатку даследавання, пацвердзілася. Быццам бы зроблена многа, але, калі агледзецца навокал, бачна, што наш край мае яшчэ вялікія пласты недаследаванай тапаніміі. Што маецца на ўвазе?  Цікавай, але і вельмі складанай, падаецца задача фіксацыі і аднаўлення назваў невялікіх азёр, ставоў, ручаёў. У тапанімічнай літаратуры на іх звычайна не звяртаюць увагі, а на картах яны не падпісаны. І калі даводзіцца ўзгадаць у публікацыі такую рачулку ці крынічку, то пішуць проста — Безыменная.

Таму прадстаўленая работа – гэта толькі аснова для працягу больш шырокіх і глыбокіх даследванняў у гэтым накірунку.

Праца можа быць цікавая не толькі вучням і педагогам, работнікам устаноў культуры, але і ўсім тым, хто цікавіцца духоўнай спадчынай нашага краю.


I BUILT MY SITE FOR FREE USING