Тэзісы вучэбна-даследчай работы

Паходжанне айконіма Корнадзь:

лінгвакраязнаўчы аспект даследавання

Актуальнасць і навізна даследавання

Знікаюць у небыццё на Беларусі вялікія і малыя вёскі, а разам з імі іх незвычайныя назвы, за якімі хаваецца гісторыя нашага краю, нашай радзімы.

 Гісторыя паходжання назвы  вёскі  Корнадзь доўгі час чакала свайго даследчыка. Зусім не засталося архіўных дакументаў аб яе мінулым. У навуковых  працах вядомых краязнаўцаў Гродзеншчыны  І. Бубновіча, Ж.Сіплівені, В.Жукевіча і др. айконім Корнадзь  не згадваецца.

У  мінулым навучальным годзе ў працы “Таямніцы слова Корнадзь” намі  ўпершыню была зроблена спроба сабраць усе версіі паходжання назвы мясцовасці, устанавіць, па якіх прыкметах, прычынах вёска атрымала сваю геаграфічную назву.  Айконім Корнадзь,  мяркуюць старажылы, мог атрымаць сваё  “імя”  ад прозвішча пана Карнач ці ад ракі Корнадзь. Некаторыя  лічаць, што  назва паселішча ўтворана  ад слоў корань, корч.  Намі была зроблена выснова, што назва вёскі Корнадзь узнікла  ад назвы ракі Корнадзь, якая працякала ў гэтай мясцовасці ў глыбокай старажытнасці. У аснову была пакладзена легенда.

Але з цягам часу, больш дасканала пазнаёміўшыся з літаратурай даследчыкаў-краязнаўцаў, асабліва з працамі  А.І. Гурскага, І.Ласкова, Л.А.Лыча, В. А. Жучкевіча і др., стала зразумела, што яшчэ рана ставіць кропку ў гэтым пытанні. Патрэбна  згадзіцца са словамі Л.А.Лыча: “ Тапанімічныя легенды ні ў якім выпадку нельга разглядаць як нейкую даставерную інфармацыю пра паходжанне той ці іншай назвы” [7, с.12]

Мэта:    раскрываць асаблівасці паходжання назвы населенага пункта Корнадзь.

Задачы:

- пазнаёміцца з гісторыяй засялення Свіслаччыны;

- паказаць сувязь тапоніма з гістарычным мінулым Беларусі, з гаспадарчай і духоўнай дзейнасцю нашага народа, з яго самабытнымі мовай і культурай;

- правесці  параўнальны аналіз назваў вёскі Корнадзь Свіслацкага раёна і вёскі Моўчадзь Баранавіцкага раёна;

- скласці слоўнік мікратапонімаў вёскі Корнадзь;

Аб’ект даследавання -  назва вёскі Корнадзь Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.

Прадмет даследавання – паходжанне назвы Корнадзь.

Гіпотэза: магчыма, назва вёскі мае балцкае  паходжанне і ўзнікла ад ракі Корнадзь, якая працякала недалёка ад вёскі.

Вёска Корнадзь знаходзіцца ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці, уваходзіць у склад Навадворскага сельсавета. Свіслаччына  - гэта край з багатай гісторыяй, зямля, на якой у старажытнасці жылі балцкія  і славянскія плямёны. Працуючы з гістарычнымі крыніцамі, было вызначана, што на дадзенай тэрыторыі ў старажытнасці жылі яцвягі. 

У доказ існавання такіх жыхароў у нашых мясцінах можна прывесці рукапіс – так званы “Яцвяжскі слоўнік” 18 ст., які быў выяўлены ў 1978 г. на хутары каля в. Новы Двор (11 км ад в. Корнадзь). У ім хтосьці (імя аўтара не вядома) запісаў словы знікшай мовы. Сучасныя гісторыкі сведчаць, што поўнач Пружаншчыны (9  км ад в. Корнадзь) ў тыя гады была заселена ў асноўным балтамі(яцвягамі).

Была звернута ўвага  на гістарычныя, геаграфічныя, прыродныя, сацыяльна-эканамічныя і іншыя фактары фарміравання тапаніміі Беларусі. Паказана  сувязь тапоніма  з гістарычным мінулым Беларусі, з гаспадарчай і духоўнай дзейнасцю нашага народа, з яго самабытнымі мовай і культурай.  Вызначана, што найбольш значны ўплыў на фарміраванне айконіма Корнадзь аказалі лінгвістычны і прыродны фактары.

Пры аналізаванні тапоніма Корнадзь ўважліва былі разгледжаны звесткі з розных гістарычных крыніц, меркаванні многіх навукоўцаў і даследчыкаў, што дазволіла аб’ектыўна ацаніць і параўнаць прынятыя пункты гледжання на ўтварэннне гэтай назвы. Быў зроблены  параўнальны аналіз вёсак Корнадзь і Моўчадзь. Аналізуючы атрыманую інфармацыю, была звернута ўвага на аднолькавае геаграфічнае становішча вёсак Корнадзь і Моўчадзь: з даўніх часоў акружаны непраходнымі балотамі, лугамі, лясамі. Вартым увагі здалося меркаванне вучоных наконт паходжання назвы вёскі Моўчадзь: ад ракі Моўчадзь.

 Падобная вёска таксама была знойдзена і ў Гомельскай вобласці. Бесядзь – былая вёска ў Веткаўскім раёне.  У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС жыхары вёскі пераселены у 1991 годзе ў другія мясціны.

Побач працякае рака Бесядзь (прыток Сожа – Дняпра). Па меркаванні вучоных назва паселішча ўзнікла ад назвы ракі.

Зроблена спроба  вызначыць, ці ёсць падобныя гідронімы яшчэ на тэрыторыі Беларусі? Былі знойдзены, толькі не на тэрыторыі Беларусі, а на тэрыторыі Расіі. Вілядзь — рака ў Архангельскай вобласці. Іван Ласкоў сцвярджае, што “адз/ вымаўляецца адзь/ “даліна” – гэта гідранімічны тэрмін ” [5, с.12]. На Беларусі ён таксама сустракаецца. Па меркаванні вучонага, падобныя фінальныя элементы (цяпер іх называюць фармантамі ) на розных мовах абазначалі ваду, раку, паток.

Неразгаданым застаўся корань слова Корнадзь. Было вырашана звярнуцца да балцкіх  моў. У перакладзе з летувіскай мовы ён азначае

karna (лет. )

лыко

Атрымліваецца, што адбыўся цікавы працэс: невялікая рачулка, якая насіла балцкую назву, згубіла яе, паколькі згубіла значэнне сама рэчка, а пасяленне засталося, роля яго ўзрасла. Вёска Корнадзь захавала ў сабе старажытную даславянскую назву рэчкі.

Гіпотэза, пастаўленая ў пачатку даследавання, пацвердзілася.

У выніку працы над тэмай было вызначана, што тапонім Корнадзь мае балцкае паходжанне і ў перакладзе азначае вада, паток, лыка. Адначасова адкрыліся многія пытанні, звязаныя з тапонімамі фіна-ўгорскага і балцкага паходжання, асабліва, што тычыцца даследвання гідронімаў.

На аснове апытання жыхароў вёскі  складзены  невялікі слоўнік мікратапонімаў. У яго ўвайшлі гідронімы, патамонімы, лімнонімы, гелонімы, аронімы, гадонімы, дрымонімы. Зроблена кароткая характарыстыка  іх паводле структуры і паходжання. Вызначана, што сярод мікратапонімаў  найбольш назваў  балот, урочышч, ручаёў – 12 назваў, што зноў  звязана з прыродным фактарам дадзенай мясцовасці.

Быццам бы зроблена многа, але, калі агледзецца навокал, бачна, што наш край мае яшчэ вялікія пласты недаследаванай тапаніміі. Што маецца на ўвазе? Па-першае, гэта назвы зніклых вёсак, хутароў, леснічовак, засценкаў, фальваркаў. І такіх найменняў назбіраецца многа . А гэта таксама значная скарбонка нашай гісторыі і культуры. Па-другое, цікавай, але і вельмі складанай, падаецца задача фіксацыі і аднаўлення назваў невялікіх азёр, ставоў, ручаёў.

Праца можа быць цікавая не толькі вучням і педагогам, работнікам устаноў культуры, але і ўсім тым, хто цікавіцца духоўнай спадчынай нашага краю.

 

I BUILT MY SITE FOR FREE USING